Работнікі дзяржаўнага прадпрыемства “Дзяржбудэкспертыза па г. Мінску” 11 жніўня 2025 года наведалі мемарыяльны комплекс “Буйніцкае поле”, дзе ўсклалі кветкі і ўшанавалі памяць загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Даведачна. Паблізу в. Буйнічы Магілёўскага раёна 10 ліпеня 1941 года праходзіла лінія савецкай абароны і ішлі цяжкія баі з фашысцкімі войскамі за горад Магілёў.
Нямецкія войскі разлічвалі з ходу заняць абласны цэнтр, і, наступаючы, накіравалі на Буйніцкае поле 70 танкаў. Асноўны бой працягваўся 14 гадзін. Савецкім салдатам удалося спаліць 39 танкаў і адбіць некалькі атак. Абарона Магілёва працягвалася да 22 ліпеня.
Буйніцкае поле стала сімвалам адвагі савецкіх салдат. У час наступлення нямецкіх войскаў тут прысутнічаў карэспандэнт газеты “Известия” пісьменнік Канстанцін Сіманаў. Легендарную бітву ён апісаў у рамане “Жывыя і мёртвыя”.
Мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле» з’явіўся на месцы бітвы ў 1995 годзе. Над мемарыялам узвышаецца капліца, а побач з ёй створана невялікае “Возера Слёз” – сімвал гора маці, жонак, дачок. Менавіта тут завяшчаў развеяць свой прах выдатны паэт Канстанцін Сіманаў, удзельнік баёў і аўтар радкоў “Чакай мяне і я вярнуся…”.
А ў ліпені 2025 года ў мемарыяльным комплексе адкрыўся інтэрактыўны Музей Славы Магілёўшчыны – месца сілы, натхнення і вечнай памяці.
Наведванне памятных мясцін Магілёўшчыны супала са святкаваннем прафесійнага свята – Дня будаўніка. У рамках паездкі супрацоўнікі прадпрыемства прайшлі па алеях Славы, убачылі ваенную тэхніку, даведаліся ад экскурсавода падрабязнасці гераічнай ваеннай аперацыі, удзельнічалі ў тэматычнай пешаходнай экскурсіі па гістарычным цэнтры Магілёва, дзе азнаёміліся з архітэктурай старажытных будынкаў і перспектывай новых рэканструкцый гістарычных мясцін.