Дзень вызвалення горада Гродна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

16 ліпеня Гродна адзначае знамянальную дату – дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Работнікі даччынага рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства «Дзяржбудэкспертыза па Гродзенскай вобласці» ўшанавалі памяць і правялі мерапрыемствы па навядзенні парадку на брацкіх магілах ахвяр вайны ў былой вёсцы Сіні Камень Гродзенскага раёна і суседняй партызанскай вёсцы Полымя (Дземша).

18 ліпеня 1943 г. адбылася страшная трагедыя.
Нацысцкімі карнікамі былі спалены вёскі Гродзенскага раёна Сіні Камень, Полымя (Дземша) і Шкленск.

Ахвярамі фашызму ў той дзень сталі жыхары гэтых вёсак. Вянзіны, Гірды, Папрукайла, Ханевічы – дзеці, жанчыны і старыя вёскі Сіні Камень. Загінула ад куль 19 дзяцей і 22 дарослых, спалена 17 дамоў.

Сіні Камень уключаюць у мемарыяльны кантэкст Хатыні, каб падкрэсліць лёс вёсак, знішчаных разам з насельніцтвам. Сёння аб вёсцы нагадвае брацкая магіла і абеліск.



У вёсцы Полымя (Дземша) нацысцкімі карнікамі былі расстраляны 36 чалавек, з іх 19 дзяцей, за падтрымку партызан; амаль усе насілі прозвішча Дземша, ад яго і з’явілася другая назва. Пасля вайны вёска не адрадзілася. На месцы трагедыі ўстаноўлены памятны знак, стэла з чырвонай зоркай. Месца называюць адным з «сястрынскіх» па значэнні і трагедыі разам са Шкленскам і Сінім Каменем.

Мемарыял з’яўляецца часткай рэспубліканскага праекта «Захаваем гісторыю», накіраванага на захаванне памяці аб трагічных падзеях Вялікай Айчыннай вайны.